Уменьшить шрифт Сбросить шрифт Увеличить шрифт

Russian

Belarusian

English

Язык

В Островце прошёл «Круглый стол», посвящённый проблеме абортов

ручкиЗ пункту гледжання фізіялогіі ў зараджэнні новага жыцця няма нічога таямнічага: зліваюцца ў адно дзве клеткі – і ўзнікае эмбрыён, які з цягам часу стане чалавекам. З гэтым могуць паспрачацца людзі веруючыя, якія ўпэўнены, што кожнае новае жыццё зараджаецца па волі Божай; людзі любячыя, якія стануць даказваць, што дзіцятка – гэта вынік кахання мужчыны і жанчыны – і кожны прывядзе мноства аргументаў, што гэта – таямніца з таямніц…

Але як шматвекавы волат-дуб вырастае з маленькага кволага парастка, які напачатку жыцця можа зламаць неасцярожным ці свядомым рухам кожны, хто датыкнецца, так і маленькі чалавечак, зарадзіўшыся, з’яўляецца безабаронным перад воляй бацькоў, найперш – жанчыны, якая носіць яго ў сваім улонні. І жанчына, якой Бог падараваў магчымасць стаць маці – няважна, у першы ці ў пяты раз – можа вырашыць, што дзіця ёй непатрэбна, пайсці ў медыцынскую ўстанову і запатрабаваць яго забіць – ці, карыстаючыся медыцынскай тэрміналогіяй, зрабіць штучнае перарыванне цяжарнасці. І хоць ва ўсім свеце забойства лічыцца адным з самых страшных злачынстваў, асабліва – забойства дзяцей, аборты ў большасці краін – абсалютна легальная медыцынская працэдура.

Хоць ёсць людзі, у тым ліку і сярод медыкаў, якія катэгарычна выступаюць супраць штучнага перарывання цяжарнасці. Адна з такіх – урач акушэр-гінеколаг і маці траіх дзяцей Наталля Івашка, якая і прапанавала за “круглым сталом” у рэдакцыі абмеркаваць такую далікатную і вельмі асабістую тэму, якая, тым не менш, мае вялікую грамадскую значнасць.

Удзел у размове, акрамя Наталлі Івашкі, прынялі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, бацька траіх дачок; Юлія Карагода, псіхатэрапеўт цэнтральнай раённай бальніцы, выхоўвае сына; Алег Шыць, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС, бацька траіх дзяцей; Алёна Гануліч, журналіст і псіхолаг, выхоўвае дачку; Ганна Івашэнка, бухгалтар, маці дваіх дзяцей; айцец Георгій Савіцкі, благачынны Астравецкага благачыння, бацька дачушкі. Вядучай “Круглага стала” традыцыйна стала Ніна Рыбік.

Ніна РЫБІК:

– Для адных дзіця – запланаванае доўгачаканае шчасце, якое даецца не кожнаму. Для іншых цяжарнасць – нечаканы і непрыемны сюрпрыз. У такіх выпадках узнікае адвечнае пытанне: што рабіць? Нарадзіць дзіця, якое, напэўна ж, перакрэсліць многія планы, ускладніць жыццё, прымусіць ад нечага адмовіцца, ці схадзіць у бальніцу на дзень ці на два, хутка і практычна без болю пазбавіцца гэтай праблемы – і жыць далей, нібы нічога і не было. Ці існуе статыстыка: што ж выбіраюць нашы жанчыны? І як сённяшнія ўдзельнікі “Круглага стала” адносяцца да гэтай праблемы?

круглый стол против абортов ивашкоНаталля ІВАШКА:

– Калі я рыхтавалася да гэтай размовы, то прааналізавала статыстыку родаў і абортаў за апошнія пяць гадоў. Так, мы ўсе радуемся, што нараджальнасць у нашым раёне павялічваецца: у 2011 годзе нарадзілася 294 дзіцяці, у 2012 – ужо 327, у 2013 найбольш – 339 малышоў з’явіліся на свет, у 2014 годзе, наадварот, найменш – 293. А ў мінулым годзе на свет з’явілася 318 дзяцей.

Што тычыцца штучных перарыванняў цяжарнасці – без уліку тых, што былі зроблены па медыцынскіх паказаннях, – то найбольш іх зарэгістравана ў 2011 годзе – 49, у 2012 годзе – 45, затым два гады запар – па 33 і летась зноў – 45.

Праўда, абсалютныя лічбы мала пра што гавораць, звычайна ў статыстыцы дадзеныя прыводзяцца ў праміле: суадносінах зробленых абортаў на тысячу фертыльных – гэта значыць, валодаючых рэпрадуктыўнай функцыяй ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў – жанчын. Дык вось, у цэлым па Беларусі гэты паказчык зніжаецца – летась ён склаў 10,8 праміле. А ў Астравецкім раёне, наадварот, – расце: 13,0. І па гэтаму сумнаму паказчыку мы зраўняліся з вядучымі краінамі Еўропы – хоць такая “прасунутасць” астраўчан нас зусім не радуе.

Ніна РЫБІК:

– З чым гэта звязана? Чаму мы раптам выбіліся ў лідары?

Наталля ІВАШКА:

– Не думаю, што тут можна назваць нейкую адну прычыну. Скажу пра медыцынскія аспекты: зараз у нас практычна няма інструментальных перарыванняў цяжарнасці, але ўвайшлі ў своеасаблівую “моду” медыкаментозныя: жанчына набывае прызначаны ёй прэпарат – даволі дарагі, варта адзначыць, пад кантролем урачоў прымае яго – і цяжарнасць спыняецца. “Сарафаннае радыё” хутка разносіць чуткі пра гэты “цудоўны” метад: маўляў, выпіў таблетку – і ўсё, ніякіх праблем.

Сапраўды, у гэтага метада ёсць свае перавагі, асабліва ў тых выпадках, калі цяжарнасць трэба спыняць па медыцынскіх паказаннях. Пасля яго менш ускладненняў і ў жанчыны не такая вострая псіхалагічная траўма. Але гэты спосаб яшчэ толькі ўвайшоў у практыку, і пакуль ніхто не ведае аддаленых наступстваў такога “лёгкага” перарывання цяжарнасці. А што яны будуць, можна не сумнявацца. Падобная працэдура ўвогуле ні для адной жанчыны не праходзіць бясследна. Па статыстыцы, трэць жанчын, якія перарвалі першую цяжарнасць, застаюцца бясплоднымі.

Ніна РЫБІК:

– Наталля Іванаўна, наколькі я ведаю, вы з’яўляецеся паслядоўным і прынцыповым праціўнікам абортаў, што для акушэр-гінеколага, мне здаецца, нетыпова…

Наталля ІВАШКА:

– Ну чаму ж? Галоўнае прызначэнне ўрачоў нашай спецыяльнасці – планаванне цяжарнасці, падрыхтоўка да яе, суправаджэнне жанчын у гэты перыяд, лячэнне бясплоддзя – а не аборты, як, магчыма, нехта лічыць.

Я з самага пачатку сваёй працоўнай дзейнасці не прымала аборты. Так, мне даводзілася іх рабіць – калі жанчына, як бы яе ні ўгаворваў, настойвае на перарыванні цяжарнасці. Але пасля гэтага мне самой патрабавалася псіхалагічная дапамога – так цяжка было на душы. Потым у маім жыцці ўзніклі пэўныя праблемы – і ўсё гэта я звязала са сваім грахом, палічыла, што расплачваюся за тое, што дапамагала жанчынам чыніць забойствы. Схадзіла на споведзь. І пасля нараджэння сына я адмовілася рабіць аборты. Гэта мой свядомы выбар. Мяне ўгаворвалі, пісалі скаргі, пагражалі – але я не змяніла прынятага рашэння. І зараз мне нашмат лягчэй жыць.

круглый стол против абортов гануличАлёна ГАНУЛІЧ:

– Тое, як важна ў такі лёсавызначальны момант сустрэць патрэбнага чалавека, урача, у якога ёсць сэрца, я ведаю па ўласнаму прыкладу. Калі ў свой час перада мной узнікла складанае пытанне: што рабіць? – я сутыкнулася з двума палярнымі меркаваннямі і адносінамі медыкаў да мяне і майго выбару.

Так сталася, што я зацяжарыла, калі была студэнткай, пасля трэцяга курса. Бацька майго дзіцяці быў катэгарычна супраць таго, каб я рабіла аборт – але замуж мяне не клікаў: ён ад’язджаў вучыцца ў Маскву. Я не ведала, што рабіць: ні прафесіі, ні грошай, ні жылля…

У той складаны момант мяне падтрымалі маці і сястра – я вельмі ўдзячна ім за гэта. Але зрабіць свой унутраны выбар мне трэба было самой, і выбар гэты быў няпросты.

Я паехала ў Смаргонь, каб дыягнаставаць тэрмін цяжарнасці. Там мяне сустрэла загадчыца жаночай кансультацыі – урач і жанчына ад Бога. Яна, даведаўшыся пра мае сумненні, адразу сказала: нараджай! Расказала пра сябе, пра тое, што таксама адна выхоўвае дачку. І менавіта яна дала мне ўпэўненасць у тым, што трэба на раджаць дзіця – гэтага мне не хапала ў той момант.

А калі я прыехала ў Гродна і прыйшла станавіцца на ўлік, іншая ўрач, даведаўшыся, што я – студэнтка, не маю працы і жылля, паціснула плячыма: “Чаму ж не зрабіла аборт? У гэтым нічога страшнага няма…”

Сёння я думаю: калі б гэты чалавек трапіўся на маім шляху, калі я рабіла, магчыма, галоўны ў сваім жыцці выбар – не ведаю, ці была б зараз у мяне дачушка. Сашка ўжо заканчвае першы клас, і я ні разу, ніводнай хвіліначкі не пашкадавала аб тым, што яна ў мяне ёсць – хоць было вельмі нялёгка. Так, з яе бацькам нашы шляхі разышліся – але ў нас цудоўныя адносіны з яго роднымі, у маёй дачкі дзве бабулі, і нават вельмі клапатлівая прабабуля, усе яе любяць – а яна дорыць нам ні з чым непараўнальнае шчасце. Я ўдзячная Богу і лёсу, што ўсё склалася менавіта так.

круглый стол против абортов ивашенкоГанна ІВАШЭНКА:

– У маёй сяброўкі таксама быў падобны вопыт. Яна жыла з мужчынам і зацяжарыла. Пра працяг адносін размова не ішла, і сяброўка не ведала, што рабіць. Дзякуй Богу, ёй таксама сустрэлася вельмі мудрая жанчына-ўрач, якая сказала: “Нараджай, вырасціш. А калі не – падумай, як ты будзеш жыць з гэтым грузам, з думкамі аб гэтым ненароджаным дзіцяці?” Сяброўка да гэтага часу ўдзячна таму доктару, што ўратаваў яе ад неабдуманага кроку.

Так, ёсць жанчыны, якія робяць аборты нібы семачкі лускаюць, ёсць тыя, хто нараджае дзяцей, не задумваючыся аб тым, як яны далей будуць жыць – але сёння мы гаворым не пра іх. У большасці ж сваёй кожная жанчына прыходзіць на аборт у стане стрэсу, сумненняў – і вельмі важна, каго яна сустрэне ў такі момант. Часам аднаго слова ўрача дастаткова, каб жанчына адмовілася ад першапачатковага рашэння. Такім жанчынам патрэбна псіхалагічная падтрымка, ім неабходна тлумачыць, што ў іх улонні – не нейкі там набор клетак, а жывы чалавек, у якога на пятым тыдні цяжарнасці ужо б’ецца сэрца, з імі трэба размаўляць увесь час, пакуль яны чакаюць аперацыі: расказваць, якія могуць быць наступствы для здароўя жанчыны.

На жаль, так бывае не заўсёды. Калі я была цяжарная сваім першынцам і ляжала на захаванні, побач ляжалі жанчыны пасля абортаў ці выкідышаў – з імі абыходзіліся, як з жывёлай ці раслінай. Жанчына плача, просіць: “Скажыце, хто там быў, хлопчык ці дзяўчынка?”, а ёй у адказ: “Ты пра што? Там – месіва клетак, а не дзіця”.

І пра тое, што нічога немагчыма вярнуць назад, выправіць тое, што ўжо зроблена, што з гэтым ёй трэба будзе жыць усё астатняе жыццё – пра гэта таксама трэба гаварыць. Жанчына – яна ж усё роўна застаецца маці па сваёй натуры, толькі ў гэтым выпадку – маці забітага ёю дзіцяці. Жанчын з пасляабартыўным сіндромам відаць няўзброеным вокам: яны незадаволены сваім жыццём, агрэсіўныя да дзяцей… Пачуццё віны за здзейсненае нікуды не дзяваецца, жыве на ўзроўні падсвядомасці і ўсё роўна нечым кампенсуецца.

Ніна РЫБІК:

– Ці аказваецца ў нашай бальніцы псіхалагічнае кансультаванне жанчын, якія вырашаюць перарваць цяжарнасць?

Наталля ІВАШКА:

–Так, з мінулага года у нас арганізавана перадабартыўнае кансультаванне акушэр-гінеколага, псіхатэрапеўта, святара. І Юлія Славаміраўна вельмі актыўна вядзе гэту работу: на яе рахунку з добры дзясятак уратаваных жыццяў.

круглый стол против абортов карагодаЮлія КАРАГОДА:

– Калі жанчына прыходзіць да мяне на прыём, яна падсвядома жадае пачуць, што ёй усё ж варта нарадзіць дзіцятка – бо кожная з нас па свайму галоўнаму прызначэнню, дадзенаму ёй самой прыродай, – маці.

Канешне, кожны выпадак вельмі індывідуальны, у кожнай жанчыны свае прычыны, якія прымушаюць зрабіць такі цяжкі крок. І я не адгаворваю іх – мы проста гутарым і разам спрабуем разабраць, прааналізаваць сітуацыю. І атрымліваецца, што праблемы, з-за якіх жанчына рашаецца на такі адчайны крок, пасля аборту нікуды не знікнуць: калі, скажам, у яе не было работы, жылля, сям’і – то пасля аборта яны не з’явяцца. А з’явіцца толькі душэўная траўма і, магчыма, праблемы са здароўем.

Айцец Георгій САВІЦКІ:

– У нашай епархіі я, мусіць, першым пачынаў гутаркі з жанчынамі, якія рашыліся на перарыванне цяжарнасці – яшчэ калі служыў у Лідзе: загадчыца аддзялення ў дні, калі ў іх рабіліся аборты, запрашала мяне, каб на парозе аперацыйнай, за хвіліну да непапраўнага я пагаварыў з жанчынамі. Скажу адразу: нялёгкія гэта былі размовы – выходзіў адтуль з цяжкім сэрцам і фізічна хворы. Здаралася, да сэрца і свядомасці некаторых удавалася дастукацца – але не заўсёды: бывае, што жанчына прыходзіць з цвёрдым рашэннем, і ніякія аргументы і довады на яе не дзейнічаюць.

А пра тое, што эмбрыён ва ўлонні маці – гэта проста набор клетак, і размовы быць не можа. У аснове сацыяльнай канцэпцыі рускай праваслаўнай царквы дакладна сказана, што з моманту зліцця двух клетак гэта – чалавек са сваёй бессмяротнай душой, у якую ўсё закладзена Богам. І аборт – не пазбаўленне ад нейкай непажаданай праблемы, а самае сапраўднае забойства.

Адзіны выпадак, у якім дазваляецца перарыванне цяжарнасці, – гэта пагроза жыццю жанчыны-маці.

Наталля ІВАШКА:

– Але такія выпадкі – адзінкавыя.

Да слёз крыўдна, што ў большасці сваёй на аборт прыходзяць жанчыны, якім, здавалася б, толькі і нараджаць: маладыя, прыгожыя, здаровыя, без дзяцей ці маюць адно-двое. Ну няўжо перашкодзіць трэцяе ці чацвёртае? І ўсё ў іх ёсць – і сям’я, і работа, і жыллё…

А аргументы якія прыводзяць – “Мы дом будуем”! Так і хочацца спытаць: а для каго вы яго будуеце? З кім вы будзеце ў гэтым доме старасць сустракаць? Ці – “Не хачу пладзіць галату”. А калі б нашы бацькі так думалі – ці былі б мы? Няўжо ім лягчэй жылося, чым нам зараз? У вайну жанчыны ў адзіночку падымалі па шэсць, сем, восем дзяцей – а ў нас зараз трэцяе, чацвёртае дзіця, а часам і першае – ужо абуза! Я такім звычайна гавару: “Няўжо вашаму дзіцяці не хопіць у гэтым свеце хлеба, вады і вашых усмешак? Ну калі вам так цяжка – нарадзіце і аддайце ў іншую сям’ю, дзе яго будуць любіць і дзе яму ўсяго хопіць!” У адказ: ну што вы, як можна аддаць некаму сваё дзіця! Выходзіць, аддаць нельга – а забіць можна! Пытаю: “Вы маглі б забіць сваё дзіця, тое, што сёння жыве ў вашай сям’і?” У адказ – вялікія вочы: “Што вы такое гаворыце!” Дык вы ж збіраецеся зрабіць тое самае: забіць сваё дзіцятка, кроў ад крыві, плоць ад плоці вашай – маленькае, безабароннае! І тое, што яно яшчэ не нарадзілася, што вы не трымалі яго на руках, нічога не мяняе.

Бывае, бітую гадзіну з такой размаўляеш, на ультрагукавое даследаванне вядзеш, паказваеш эмбрыён, тое, як б’ецца сэрцайка яе дзіцяці, адпраўляеш на кансультацыю да псіхатэрапеўта, на размову да святара ў царкву ці ў касцёл – а жанчына ў адказ на ўсе довады і аргументы толькі ўсміхаецца: яна ўжо ўсё вырашыла…

Ніна РЫБІК:

– Сёння мы пераважна гаворым пра жанчыну. Канешне, яе роля ў рашэнні нарадзіць дзіця ці пазбавіцца да яго – галоўная. Але, пагадзіцеся, за кожным абортам стаіць мужчына – альбо яго адсутнасць. Таму хацелася б пачуць і мужчынскае меркаванне па гэтай праблеме.

круглый стол против абортов свиллоВіктар СВІЛА:

– Так, сапраўды, за кожным падобным выпадкам стаіць мужчына, які абавязаны раздзяліць з жанчынай увесь цяжар адказнасці. На жаль, часта прадстаўнікі так званага “моцнага полу” ў падобных выпадках, атрымаўшы задавальненне, “умываюць рукі” і знікаюць, пакідаючы жанчыну сам-насам з няпростым жыццёвым выбарам.

Гэта праблема найперш выхавання – у сям’і, у школе, у грамадстве: якіх мужчын мы выхоўваем? Ці здольны яны ўзяць на сябе адказнасць за іншага чалавека? Адказ, на жаль, не заўсёды станоўчы, і ўсё вырашаць зноў даводзіцца беднай жанчыне.

Наталля ІВАШКА:

– Здараецца, што ў выпадках, калі да жанчыны дастукацца вельмі цяжка, я прашу яе прыйсці на размову разам з мужам. Бывала, што пасля такой размовы сям’я рабіла выбар на карысць дзіцяці, а не яго забойства. Мужчыны, скажу я вам, у такой сітуацыі больш падатлівыя, чым жанчыны.

круглый стол против абортов шитьАлег ШЫЦЬ:

– Я лічу, што колькасць абортаў у нашай краіне і ў раёне з кожным годам павінна змяншацца. Бо гэта, як сёння ўжо неаднойчы гаварылася, – забойства маленькага жывога чалавека. Як можна здзейсніць такое злачынства – мне, бацьку траіх дзяцей, незразумела.

Дзеці – гэта кветкі жыцця, і я бязмежна шчаслівы, што ў мяне іх трое. З самага пачатку, калі стваралі сям’ю, мы з жонкай вырашылі, што дзяцей у нас будзе як мінімум двое. Калі атрымалася трэцяе, то размовы аб тым, што гэта ўжо лішняе, не вялося. Наадварот: мы былі шчаслівыя. Калі з’явіцца чацвёртае ці пятае – гэта таксама будзе нам у радасць. Чым больш дзяцей – тым больш шчасця. А ў далейшым яны – дапамога, падтрымка для бацькоў і для братоў-сёстраў.

Канешне, розныя здараюцца сітуацыі, і ўсё тут вельмі асабістае: у некага дзіцятка просіцца на свет занадта рана, у іншага – вельмі позна. Але ў любым выпадку аборт – гэта злачынства, і жанчыны не павінны ісці на гэты неабдуманы ўчынак. Бо час назад не павернеш, і нічога змяніць ужо будзе нельга.

Ніна РЫБІК:

– А калі на аборт прыходзяць жанчыны, пра якіх гаварыла напачатку Ганна, – якія дзяцей нараджаюць – і тут жа забываюцца пра іх існаванне?

Юлія КАРАГОДА:

– Тут складана – не ведаеш, якая будучыня чакае гэтае дзіця. У такіх выпадках я лічу за лепшае не ўмешвацца – хай маці сама прымае рашэнне.

Алег ШЫЦЬ:

– Мне здаецца, што ў нас шмат сем’яў, якія мараць пра дзіця – але па нейкіх прычынах не могуць яго мець. Яны забяруць малыша і будуць шчаслівыя самі і яго зробяць шчаслівым.

Наталля ІВАШКА:

– У нас ёсць адна пастаянная пацыентка: жанчына, якая нікому не патрэбна – ні грамадству, ні дзяржаве, як кажуць, бяспутная. Але яна такіх прыгожых здаровых дзяўчынак штораз нараджае – для любой бяздзетнай сям’і падарунак. Усё ж лепш, чым забіць…

Ніна РЫБІК:

– Так атрымалася, што ўсе ўдзельнікі нашага “Круглага стала” прытрымліваюцца адной кропкі гледжання на аборты: гэта – злачынства. Дык, можа, нашай краіне варта пайсці па шляху суседняй Польшчы і ўвогуле забараніць штучнае перарыванне цяжарнасці?

Віктар СВІЛА:

– У Польшчы іншая сітуацыя: там вельмі моцны ўплыў каталіцкага касцёла на ўсе сферы грамадскага жыцця – у нас такога няма. І там, нягледзячы на афіцыйную забарону, таксама перыядычна ўспыхваюць дыскусіі аб легалізацыі абортаў.

Мы ўжо неаднойчы спрабавалі вырашаць нейкую праблему метадам забароны – можна ўспомніць хоць бы сумнавядомую антыалкагольную кампанію. Як паказвае практыка, ні да чаго добрага гэта не прыводзіць.

Наталля ІВАШКА:

– У Польшчы аборты забаронены – але польскія жанчын едуць з гэтай праблемай да нас, у Беларусь, і ў іншыя краіны. Прымусам нічога нельга вырашыць.

А галоўнае – забарона легальных абортаў непазбежна прывядзе да росту падпольных, крымінальных перарыванняў цяжарнасці – і гэта можа скончыцца дрэнна ці нават трагічна для жанчыны.

Праўда, у нас абмяркоўваецца пытанне, каб рашэнне аб мэтазгоднасці перарывання цяжарнасці прымала не сям’я, як зараз, а ўрач – калі б гэта было прынята, я думаю, абортаў стала б менш.

Ганна ІВАШЭНКА:

Пакуль што наша грамадства да гэтага не гатова. Забароняць рабіць аборты ў бальніцы – стануць шукаць падпольных акушэрак, паедуць у іншыя краіны.

круглый стол против абортов отец георгийАйцец Георгій САВІЦКІ:

– Усе не паедуць.

Старац Паісій Афонскі пісаў: “Калі чалавек здзейсніў грэх – гэта яго асабісты грэх. Калі ж грэх уведзены ў рамкі закона – то гэта ўжо грэх усяго грамадства”. Дык вось, у нас грэх аборту ўведзены ў ранг граху ўсяго грамадства.

Ніна РЫБІК:

– Сярод нашых чытачоў, якія разгорнуць “Астравецкую праўду” з матэрыялам гэтага “Круглага стала” ці прачытаюць нашу размову на сайце газеты, напэўна ж, будуць жанчыны, якія сёння, вось зараз, стаяць перад выбарам, пра які сёння гаварылі неаднойчы: што рабіць? Даць права на жыццё чалавечку, які няпрошана-нязвана пасяліўся ў яе ўлонні – ці схадзіць у бальніцу, выпіць таблетку ці паспаць гадзінку пад наркозам – і жыць, як раней, вольна і свабодна? Што б вы ім сказалі, параілі?

Ганна ІВАШЭНКА:

– Гэта зараз вам здаецца, што сёння ўсё супраць вас, і цяжарнасць – галоўная праблема ў вашым жыцці. Можна прывесці шмат прыкладаў, калі жанчына вырашае нарадзіць у самы цяжкі час – а потым у яе цудоўным чынам і работа з’яўляецца, і грошы: ёй жа трэба дзіцятка расціць, падымаць.

А калі ваш мужчына ставіць вас перад выбарам: альбо я, альбо дзіця, то можаце не сумнявацца: ён вас у любым выпадку пакіне, не сёння, дык заўтра, такі ўжо гэта чалавек. І чым хутчэй вы гэта зразумееце, тым лепш будзе і для вас, і для вашага дзіцяці.

Айцец Георгій САВІЦКІ:

– Ніхто не ведае, што з ім будзе заўтра. І калі Бог дае вам дзіцятка – значыць, гэта самы лепшы час для яго з’яўлення на свет. А тое, што мы плануем: вось дом пабудую, работу памяняю, потым дзіця нараджу – гэта ўсё не працуе: бывае, што і дом ёсць, і грошы, а дзяцей – няма. Нездарма ж кажуць: дасць Бог дзіцятка – дасць і на дзіцятка. І столькі дасць, што вы нават не чакалі і думалі.

А самае галоўнае – тое шчасце, якое прыносяць дзеці. Калі мая дачушка ўпершыню сказала “тата”, я адчуў такі прыліў шчасця, якога не ведаў ніколі ў жыцці, ды і за некалькі жыццяў такога не адчуеш!

Віктар СВІЛА:

– У нашай агульнай галоўнай малітве “Ойча наш” ёсць цудоўныя словы: “Хай будзе воля твая”. Часта мы іх прамаўляем – і не разумеем, не ўсведамляем іх глыбіннага сэнсу. Бог дае вам дзіця – ён ужо вырашыў, што менавіта гэта вам трэба ў гэты самы момант, і выбраў вас інструментам для ажыццяўлення сваёй волі – а мы спрабуем працівіцца.

Сёння ў нас існуе пэўная мода на царкоўныя, касцёльныя імпрэзы. Мы стараемся атрымаць Божую  падтрымку ў любой справе: бярэм шлюб, хрысцім дзяцей, ходзім да споведзі, асвячаем кватэры – і пры гэтым не абцяжарваем сябе ўнутранай работай душы. Мы ходзім у касцёл ці ў царкву, прамаўляем словы малітвы, але часта нават не спрабуем пранікнуць у яе сутнасць.

Алёна ГАНУЛІЧ:

– Парады ў такім выпадку даваць вельмі цяжка – гэта вельмі глыбокі, асабісты, нават сакральны момант. Але я ведаю дакладна: дзіцятка з’яўляецца ў той самы момант, калі гэта павінна адбыцца. У нас бытуюць стэрэатыпы, што вось, маўляў, трэба атрымаць адукацыю, стаць на ногі, займець жыллё – а потым можна і пра дзяцей падумаць. А гэта не заўсёды спрацоўвае, у кожнага ўсё па-рознаму, і трэба з удзячнасцю прымаць Божы дар, калі ён табе яго дае.

А яшчэ варта падумаць пра старасць. Так, сёння мы маладыя, здаровыя, шчаслівыя, у нас цікавае насычанае жыццё, шмат сяброў, мы займаемся самарэалізацыяй, будуем кар’еру – але ж старасць прыходзіць так незаўважна… Як казала адна мая гераіня: “Жыццё прайшло – нібы ў адны дзверы ўвайшла, а праз другія выйшла”. Як прыгожа і радасна, калі ў святы і ў будні ў доме збіраецца вялікая сям’я, калі ўсе разам – бацькі, дзеці, унукі, праўнукі. І як страшна, калі чалавек дажывае старасць у адзіноце, як іншы мой герой, і яму няма з кім нават словам перакінуцца – хіба што з сабачкам…

Алег ШЫЦЬ:

– Ну што тут можна параіць? Канешне ж, нараджаць! З нараджэннем першага дзіцяці мы мяняемся – становімся больш дарослымі, пачынаем думаць па-іншаму, вучымся жыць не толькі для сябе, а дзеля іншага – думаем, як зрабіць, каб дзіцяці было лепш. І з нараджэннем кожнага наступнага такія цудоўныя змены працягваюцца – і гэта рух наперад у нашым самаразвіцці.

Наталля ІВАШКА:

– Ведаеце, што такое акушэрскае шчасце? Гэта калі бачыш вочы жанчыны, якая толькі што нарадзіла дзіцятка – асабліва той, якая хацела зрабіць аборт, і ў тых вачах плешчацца ўсёабдымнае, невыказнае словамі шчасце мацярынства. І ты разумееш, і яна разумее, што ўсё было недарэмна… Ніводная з іх ніколі не прыйшла пасля да нас з папрокам: вось, маўляў, вы мяне адгаварылі рабіць аборт, а зараз у мяне жыццё зламанае. Наадварот: прыходзяць і дзякуюць за тое, што дапамаглі прыняць правільнае рашэнне, не дазволілі зрабіць тое, што потым усё жыццё будзе каменем ляжаць на сэрцы.

Ніна РЫБІК:

– Упэўнена, што яшчэ больш сярод нашых чытачоў жанчын, якія ўжо зрабілі непапраўнае, – няважна, калі і па якой прычыне. А ім што вы б сказалі ў гэты момант?

Ганна ІВАШЭНКА:

– Трэба дараваць сабе – што было, тое было. І паспрабаваць загладзіць свой грэх.

Напрыклад, у каталіцкім касцёле ёсць практыка духоўнай адапцыі, калі жанчына бярэ на сябе абавязак маліцца на працягу дзевяці месяцаў за дзіця, якому пагражае забойства з-за аборту. Яна, вядома ж, не ведае гэтае дзіця – але Бог ведае. І жанчына штодня моліцца, просіць Бога, каб дзіцятка нарадзілася і пражыло дастойнае жыццё. Для веруючага чалавека гэта – магчымасць скупіць свой грэх, той духоўны ўрон, які ён нанёс сваім учынкам.

Наталля ІВАШКА:

– Трэба ў далейшым не грашыць, рабіць добрыя справы. Дапамагаць жанчынам, якія сабраліся здзейсніць такі непапраўны крок.

Юлія КАРАГОДА:

– Часам такая размова “роўнага з роўным” дзейнічае лепш, чым любая гутарка ўрача ці псіхатэрапеўта: яны абдымуцца, разам паплачуць, кожны аб сваім, – і дзіцятка застанецца жыць.

Віктар СВІЛА:

– Трэба аддаць належнае рэдакцыі “Астравецкай праўды”: на “круглых сталах”, што праводзяцца пад яе эгідай, абмяркоўваюцца вельмі актуальныя праблемы жыцця грамадства, якія часам сарамліва замоўчваюцца на больш высокіх узроўнях. І сённяшняя тэма – таму падцвярджэнне. Канешне, праблема абортаў вельмі асабістая і індывідуальная – але яна мае вялікае маральна-этычнае значэнне. І калі б нам удалося не тое што вырашыць гэтую праблему – гэта, напэўна, немагчыма, а хоць бы данесці яе да шырокіх слаёў грамадства, прымусіць людзей задумацца аб тым, што яны збіраюцца зрабіць – то, магчыма, удалося б нарэшце злучыць тыя самыя “дэмаграфічныя нажніцы”, з-за якіх колькасць насельніцтва нашай краіны няўхільна змяншаецца, паправіць тую сумную статыстыку, пра якую гаварыла напачатку Наталля Іванаўна. А зрабіць гэта можна найперш асветніцтвам, распаўсюджваннем ведаў, прапагандай здаровага ладу жыцця, духоўных каштоўнасцей, вопыту лепшых сямей.

Наталля ІВАШКА:

– Я спадзяюся, што сённяшні “Круглы стол” стане пачаткам рэалізацыі спецыяльнага праекта “За жыццё”, у рамках якога мы распачнём серыю публікацый у “Астравецкай праўдзе” па планаванню цяжарнасці і падрыхтоўцы да нараджэння дзіцяці, арганізуем фестываль маладой сям’і, прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і, разам з айцом Георгіем правядзем гутаркі на гэтую тэму ва ўсіх школах раёна, выпусцім асветніцкія буклеты і брашуры – словам, пастараемся данесці да кожнага, якое гэта шчасце – дзеці, і як важна, каб іх было як мага больш і яны раслі здаровымі і шчаслівымі.

 

Источник