Уменьшить шрифт Сбросить шрифт Увеличить шрифт

Russian

Belarusian

English

Язык

Семейный фестиваль «Мы – разам, і ўсё цудоўна!»

Наш каляндар настолькі перанасачаны усялякімі і рознымі святамі, што часам нават самыя важныя з іх – такія, да прыкладу, як Міжнародны Дзень смя’і, які адзначаецца 15 мая -- мы выпускаем з поля зроку. Але ж сям’я – гэтае самае важнае, каштоўнае, дарагое, што ёсць у кожнага чалавека. І фестываль “Мы разам”, які прайшоў у Астраўцы у мінулую нядзелю, стаў нагодай не толькі павіншаваць адзін аднаго са святам, але і сабрацца разам усёй сям’і – дзецям, мама, татам, бабулям-дзядулям, павесяліцца, паўдзельнічаць у конкурсах, шчыра хварэючы адзін за аднаго, даведацца нешта новае і цікавае. Зрэшты, проста пабыць усім разам: рука ў руцэ, шчака да шчакі, усмешка да усмешкі…

Першая спроба правесці падобны фестываль сям’і адбылася летась. але зрабіць яго такім прыгожым, маштабным і відовішчным, як задумвала галоўны ініцыятар і арганізатар Наталля Іванаўна Івашка -- урач акушэр-гінеколаг, маці траіх дзяцей, якая цудоўна ведае, што шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома -- перашкодзіў дождж. Сёлета ж надвор’е, нібы выбачаючыся за мінулагоднюю неспадзяванку, ды і за сёлетнія майскія выбрыкі, разлагодзілася самым яркім, які бывае толькі ў маі, блакітам чыстага неба, разусміхалася цёплым сонейкам, расквецілася белай кіпенню садоў і чырвонымі зорачкамі цюльпанаў на клумбах: святкуйце, людзі!

Трэба сказаць, што да свята рыхтаваліся не толькі арганізатары – а для таго, каб фестываль атрымаўся прыгожым і відовішчным, пастараліся многія: прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі культуры, адукацыі, гандлю, медыцыны, пошты, аховы правапарадку – але і яго ўдзельнікі.

099

Падазраю, што многія напярэдадні правялі бяссонную ноч, рыхтуючы да ўдзелу ў парадзе каляску свайго малыша. Фантазіі і ўмельству бацькоў можна толькі падзівіцца. Максім Мінакоў горда сядзеў за рулём амаль што сапраўднай машыны ДАІ – якую, праўда, пакуль што каціў тата: гаспадар з-за малалецтва яшчэ не атрымаў правоў… Мілана Казачэнка, як сапраўдная прынцэса, пазірала з акенца карэты, якую вёз чароўны чырвоны конікі сястрычка Аляксандра – ну і “зусім крышачку” ім дапамагаў тата… Насця Якавец у гэты дзень стала “умывальнікаў начальнікам і мачалак камандзірам”: яе каляска была “загрыміравана” пад Майдадыра; сястрычка Анютка тым часам соладка спала на руках таты Сярожы, а бабуля каціла яе каляску, стылізаваную пад будуар каралевы, а старэйшы брат Віця, без нейкіх там гадоў пятнаццаці дарослы мужчына, ішоў побач з мамай і даваў інтэрв’ю журналістам… Усмешлівы Арыстарх Філіпчык у адпаведнай экіпіроўцы асядлаў “круты байк”. А сапраўдная беларусачка Анечка Субаткевіч ціхамірна спала ў калясцы, упрыгожанай паветранымі шарыкамі ў колерах нацыянальнага сцяга – і гэта невыпадкова: фестываль сям’і праводзіўся якраз у Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Забягаючы наперад, скажу, што журы паспрабавала вызначыць пераможцаў гэта конкурсу – хоць гэта было і няпроста. У выніку сем’і Казачэнка, Мінаковых і  Якавец атрымалі прызы ад раённай арганізацыі “Белая Русь”, а ўсе ўдзельнікі -- сувеніры ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

099

Урачыстае шэсце прайшло ад цэнтральнай плошчы да лесапаркавай зоны, дзе ўсіх чакала свята ў яго шматаблічных праявах. Старт яму дало віншаванне старшыні раённага Савета дэпутатаў, дачкі, жонкі, маці і бабулі Ірыны Эдуардаўны Тальчук – у гэты дзень усе гэтыя яе неафіцыйныя, але вельмі важныя “пасады” выходзілі на першы план.

099

Кожны, хто прыйшоў у той дзень на свята, знайшоў сабе занятак па душы. Што сёння ў трэндзе ў дзіцячай модзе, прадэманстравалі юныя мадэлькі. Адзенне для цяжарных – гэта не абавязкова  бясформенны “мех з трыма дзіркамі”, як было тады, калі мае аднагодкі думалі, што ж надзець у “цікавым становішчы”… Будучыя мамы могуць апранацца прыгожа, стыльна, модна, а яшчэ – зручна і функцыянальна – гэта яны і прадэманстравалі на імправізаваным подыуме. Юным модніцам раблілі шыкоўныя прычоскі ў “зоне прыгажосці”. Жадаючыя навучыцца маляваць маглі паспрабаваць свае сілы і прадэманстраваць мастацкія здольнасці. А вось правільна чысціць зубы трэба ўмець усім – не толькі дзецям, але і дарослым: патрэніравацца можна было тут жа на манекене.

099

Будучыя чэмпіёны спаборнічалі ў розных відах спорту. А жадаючыя проста “пабясіцца” скакалі на батуце і надзіманых горках і “рассякалі” на электрамабілях.

А сцэна летняга амфітэатра тым часам не пуставала. Віншаванні змяняліся песнямі, конкурсы – танцавальным флэшмобам… Наталля Іванаўна Івашка была адзінай не ў трох, а, здаецца, ў трыццаці трох іпастасях: сачыла, каб усё ішло ў адпаведнасці з задуманым, віншавала ўдзельнікаў свята, чытала са сцэны цудоўныя пранікнёныя вершы і спявала, кансультавала будучых мам і давала інтэрв’ю…

099

--Вельмі хацелася, каб свята атрымалася прыгожым, запамінальным, карысным для дзяцей і дарослых, -- падзялілася яна сваімі перажываннямі. – Летась нам крыху перашкодзіў дождж, але сёлета, здаецца. усё атрымалася. Вельмі хочацца, каб усе сем’і былі здаровымі, шчаслівымі, гарманічнымі – гэты фестываль і задумваўся з мэтай, каб хоць крышачку ў гэтым дапамагчы.

--Цудоўна, што ёсць такое свята і гэты фестываль, -- падзялілася ўражаннямі сям’я Казачэнка, якая, дарэчы, стала пераможцам у конкурсе на лепшае ўпрыгожанне дзіцячай каляскі. – Гэта цудоўная магчымасць для сям’і пабыць разам не толькі ў паўсядзённых справах, але і ў свята. Два дні мы дапазна пераўтваралі каляску Міланы ў карэту, сёння мама ўдзельнічала ў паказе мод для цяжарных, Аляксандра заплятала цудоўныя коскі, тата ўдзельнічаў у шматлікіх конкурсах і ў некаторых нават перамагаў – добрым настроем і пазітывам зарадзіліся ўсе. Такіх свят павінна быць як мага больш.

099

--Сям’я – гэтае самае галоўнае, што ёсць у кожнага чалавека, -- сказаў благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій Савіцкі, які пасля завяршэння нядзельнай літургіі паспяшаўся ў лесапарк, каб павіншаваць усіх са святам і даць мудрыя парады. – Жыццё сёння цяжкае, нервовае, напружанае, імклівае, і толькі ў сям’і, з роднымі і дарагімі людзьмі можна адчуць спакой і светлую ціхую радасць. Таму трэба берагчы крохкае сямейнае шчасце, жыць па Божых запаветах, выхоўваць дзяцей у любові і павазе.

Хочацца спадзявацца, што сямейны фестываль стане традыцыйным – на радасць і карысць дарослым і дзецям.

 

Ніна РЫБІК

Фота Віктара Спірыдона