Уменьшить шрифт Сбросить шрифт Увеличить шрифт

Russian

Belarusian

English

Язык

«Островчанка» объединила талантливых медицинских работников

Яна аб’яднала людзей не па статусу ці пасадзе, а па агульнай прыхільнасці і любові да музыкі і спеваў. Яна адкрыла ў людзях новыя таленты і здолела з непрафесіяналаў зрабіць сапраўдных артыстаў. І, калі яны выходзяць на сцэну, не кожны пазнае ў выканаўцах у прыгожых нацыянальных касцюмах урачоў, фельчараў, медсясцёр. Усё гэта – фальклорная група “Астраўчанка” работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы, якая створана ў 2011 годзе і сёлета адзначыць свой маленькі юбілей.

 

Ідэя стварыць творчы калектыў узнікла непрыкметна, сама па сабе. Галоўным штуршком для яе ажыццяўлення стаў абласны конкурс “Лійся, песня”, у якім вырашылі паўдзельнічаць астравецкія медыкі. Творчых і таленавітых людзей у раённай бальніцы хапае, таму лідар прафсаюзнай пярвічкі Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч агучыў прапанову на адной з бальнічных планёрак – і калегі яе падтрымалі. Заставалася “ўсяго нічога” – знайсці “галасістых” добраахвотнікаў і стварыць групу. І тут давялося сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі.
– На голым энтузіязме далёка не зойдзеш, – расказвае Тадэвуш Зыгмундавіч. – Была ідэя, былі людзі – а вось прафесіяналізму не хапала. Сабраліся самавучкі, якіх трэба было арганізаваць і накіраваць, – патрэбна была дапамога спецыяліста. Адразу нашу дзейнасць узялася каардынаваць Анастасія Ляховіч, а потым ёй на змену прыйшла новы мастацкі кіраўнік Анастасія Клімашэўская (зараз па мужу Ляховіч). Маладая, таленавітая і актыўная, яна ведала, што трэба рабіць.

Новы кіраўнік і прапанавала не проста выступіць на конкурсе самадзейнай групай, а стварыць фальклорны калектыў, які б увасабляў сабой астравецкі край і вызначаўся сярод іншых своеасаблівай “фішкай” і адметнасцю. Ідэю дзяўчыны адобрылі, падтрымалі і хутка рэалізавалі – так у раённай бальніцы “нарадзілася” “Астраўчанка”.
– Чаму выбралі такую назву? – перапытвае Анастасія Ляховіч. – Усё вельмі проста: у нас фальклорная група, якая стараецца перадаць асаблівасці менавіта астравецкага краю: песні, традыцыі, звычаі. У Астравеччыны ўжо ёсць “Кемяліна”, “Міхалінкі”, а вось “Астраўчанкі” яшчэ не было – мы вырашылі гэта выправіць. Назва простая і ў той жа час адметная, гаворыць сама за сябе.
Бы нясмелае дзіця, “Астраўчанка” рабіла першыя няўпэўненыя крокі па творчай прасторы. А затым, акрыляючыся з кожнай песняй і адчуваючы непаўторны смак ад выступленняў, усё больш смялела і разнявольвалася. У выніку дэбют фальклорнай групы на абласной сцэне прайшоў паспяхова: з конкурсу “Лійся, песня” астравецкія медыкі прывезлі дыплом. А затым іх пачалі запрашаць на раённыя канцэрты і розныя конкурсы. Хутка “Астраўчанка” гарманічна ўлілася ў плынь творчасці і музыкі.

– Стараемся ўдзельнічаць усюды, куды запросяць, – расказвае Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч. – Канешне, да прафесіяналаў нам далёка, ды мы і не імкнёмся пакараць завоблачныя вяршыні, а выступаем для ўласнага задавальнення. Але і пра рэгулярныя рэпетыцыі не забываемся, стараемся ўвесь час удасканальвацца. Залог поспеху – у тым, што сабраліся людзі, аб’яднаныя агульным захапленнем і таленавітым кіраўніком. Насця – наша асноўнае зярнятка, за якім цягнуцца ўсе астатнія.
– А Тадэвуш Зыгмундавіч – наш няўрымслівы натхняльнік, – усміхаючыся дадае Анастасія Ляховіч. – Бы нястомны рухавік, ён пастаянна падштурхоўвае на рэалізацыю новых ідэй. І ўдзельнікі сабраліся таленавітыя, адказныя і актыўныя – працаваць з імі прыемна і лёгка.
Разам з мастацкім кіраўніком у “Астраўчанцы” восем удзельнікаў. Па творчай задумцы ў мілагучнае жаночае шматгалоссе Наталлі Сухенка, Дануты Субаткевіч, Галіны Казачэнка, Яніны Васілец, Вікторыі Богдан, Іны Юркойць і Анастасіі Ляховіч гарманічна ўліваецца голас Леаніда Ушко. За кожным замацаваны свае роля і месца ў калектыве, пра ўсіх можна расказаць паасобку, але яны прывыклі выступаць камандай, таму на пытанні адказвалі, бы на сцэне, амаль хорам.

– Чаму спяваем у фальклорнай групе? – перапытвае Іна Юркойць і тут жа адказвае, – ды таму што гэта прыносіць маральную асалоду і радасць.
– Наша бальніца займае высокія паказчыкі ў розных накірунках. Мы стараемся трымаць марку і ў творчым плане, – дапаўняе Леанід Ушко.
– Памятаю, як спявалі падчас працы і адпачынку мае бабуля з дзядулем, – значыць, і ўва мне спяваюць іх гены, – усміхаючыся дадае Галіна Казачэнка.дадае Галіна Казачэнка.
– Усё, як у вядомай песні: “нам песня жыць і працаваць дапамагае”, – кажа Наталля Сухенка.
– “Астраўчанка” – гэта наша аддушына, дзе мы пазбаўляемся ад стрэсу і адпачываем душой, – дапаўняе Яніна Васілец.

Дарэчы, удзельнікі фальклорнай групы не толькі спяваюць, але і расказваюць байкі, танцуюць і нават могуць падрыхтаваць сапраўднае прадстаўленне. Гэта яны годна прадэманстравалі ў сакавіку падчас фіналу абласнога этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” – іх тэатралізаванае прадстаўленне “На таргу, на базары…” не пакінула нікога раўнадушным і выклікала бурныя авацыі гледачоў.
– Якія планы ў “Астраўчанкі”? – удакладняе Анастасія Ляховіч. – Будзем старацца і далей радаваць гледачоў прыгожымі выступленнямі, па магчымасці ўдзельнічаць у розных творчых конкурсах. А яшчэ, канешне, хацелася б, каб ва ўдзельнікаў калектыву былі свае касцюмы – пакуль што мы “пазычаем” іх у культуры ці нешта прыдумляем і перарабляем з хатняга гардэробу.
Акрамя Насці, ніхто ў фальклорнай групе не мае музычнай адукацыі, аднак гэта не перашкаджае калектыву дастойна выступаць на сцэне. Можа, таму што спяваюць яны не толькі голасам, але і душой. І ўспрымаюцца іх песні проста і лёгка, як нешта блізкае, шчырае і роднае – як голас астравецкай зямлі.

Марына МАЦКЕВІЧ

Источник: www.ostrovets.by